Как сдают экзамен люденевичские девятиклассники
Хваляванне, надзеі, адзнакі.Так трыма словамі можна апісаць дзевяцікласнікаў, якія ў гэтыя дні здаюць першыя ў сваім жыцці экзамены.
Сёння ў Людзяневіцкай сярэдняй школе пісалі пераказ па беларускай мове. У белых кашулях, засяроджаныя і ўрачыстыя за паўгадзіны да дзявятай 12 юнакоў і дзяўчат (адзін чалавек па стану здароўя вызвалены) рассаджваюцца па сваіх месцах. На дошцы – узор запаўнення тытульнай старонкі кантрольнай работы. Фонам гаворыць тэлевізар, па якому хутка аб’явяць варыянты тэксту. На адным са сталоў — скрыня з мабільнымі тэлефонамі вучняў, побач – бутэлькі з пітной вадой.
— Любімую матэматыку здала на дзявятку, — кажа Дар’я Купрацэвіч. выдатніца ездзіць у школу з Дзедаўкі. – Спадзяюся, што і сёння не горш спраўлюся. Рыхтаваліся і на факультатывах, і на кансультацыях пераказы пісалі.
— Будзе добра, калі пацвержу сваю адзнаку ці палепшу яе, — Павел Ярмольскі прызнаецца, што такога нервавання, як на першым іспыце, не адчувае. – Настрой нармальны, да працы гатовы.
Настаўніца роднай мовы Людміла Пятрычыц тым часам раздае лісткі, кідаючы на “сваіх” дзяцей падбадзёрваючыя позіркі.
— Педагог, напэўна, хвалюецца больш за вучняў, — Людміла Валяр’янаўна кажа, што гэта пачуццё на экзаменах суправаджае яе ўсе 36 гадоў выкладання. – Запісаць двойчы праслуханы тэкст з 350 слоў – заданне даволі складанае. Але, думаю, рабяты не падвядуць…
За пяць хвілін да прамога ўключэння ў эфір прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі з пажаданнямі поспеху развітваемся са школьнікамі. Наперадзе ў іх чатыры гадзіны плённай працы.
Іспыты ў дзевяцікласнікаў (кантрольная па матэматыцы, пераказ па роднай і рускай мовах, гісторыя Беларусі вусна) працягнуцца да 10 чэрвеня. Пасля чаго адных чакае ўступная кампанія у каледжы, а другіх – канікулы.
Усяго ў раёне пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі сёлета атрымаюць 443 чалавекі.