Бярозавая алея закладзена на тэрыторыі Жыткавіцкага дзіцячага сада № 5
Для педагогаў, бацькоў, выхаванцаў сада, а таксама кіраўніцтва аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама закладка алеі стала яркай падзеяй. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Акрамя пасадкі дрэў, у гэты сонечны вераснёвы дзень прайшла ўрачыстая лінейка з дружным выкананнем Дзяржаўнага гімна і падняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
— Бярозы пасаджаны не проста так. Маладыя дрэўцы сталі адным з важных элементаў новага праекта па азеляненні тэрыторыі дзіцячага сада. У далейшым плануем усю штучную агароджу замяніць жывой. Гэта будуць дэкаратыўныя дрэвы і кусты, — паведаміла загадчыца дзіцячага сада Алена Васільеўна Аўдзейчык.
Закладка алей для дашкольнай установы ўжо стала добрай традыцыяй. Так, да Дня сям’і таксама былі пасаджаны дрэвы — рабіны.
Педагогі ўпэўнены: калі бярозкі і рабінкі вырастуць, а сённяшнія выхаванцы стануць татамі і мамамі, то сваіх дзяцей яны будуць прыводзіць у сад, праходзячы пад цяністымі шатамі дрэў. Слухаючы пошум лістоты, яны абавязкова прыгадаюць, як калісьці з бацькамі і педагогамі закладвалі алею адзінства.
Источник: “Настаўніцкая газета”