Адзін дзень з ПАПС. Вяскоўцы заказалі, пошта прывезла
Незважаючы на тое, што, акрамя папяровых СМІ, нас часцей інфармуюць інтэрнэт-стужкі, а за камуналку большасць плаціць праз інтэрнэт-сервісы, прафесія паштальёна і ў нашыя дні застаецца запатрабаванай, асабліва на вёсцы. У гэтым пераканаліся, праехаўшы па маршруце адзінага ў раёне перасоўнага аддзялення паштовай сувязі.
Любімая работа
З самага рання Сяргей Пракаповіч ставіць пад загрузку свой блакітны, у фірмовым колеры фургончык. Пакуюцца прэса, пасылкі, прамысловыя і харчовыя тавары. Машыне прадстаіць сёння да крайняй кропкі – Дзякавічаў – пераадолець 139 кіламетраў, заехаўшы ў восем населеных пунктаў. Па серадах і суботах, калі адрасатам дастаўляецца “Новае Палессе”, яе шлях падаўжаецца на 45 км, а колькасць вёсак узрастае аж да 20-ці. Вялікія стаянкі запланаваны ў Пухавічах, Вятчыне і Марохараве. Выезд у 9 гадзін, вяртанне ў Жыткавічы па графіку ў пачатку пятай вечара.
– Нават сабак за 18 гадоў працы на маршруце вывучыў, не тое што людзей з іх патрэбамі, – паміж справай жартуе вадзіцель-паштальён і прызнаецца, што за такі час да сваёй працы проста прыкіпеў. – Мы павінны даставіць людзям карэспандэнцыю ў любое надвор’е пяць разоў на тыдзень. Інакш не можа быць.
Тым часам, узброіўшыся партатыўнай прыладай для прыёму наяўных і безнаяўных плацяжоў, месца на пасажырскім сядзенні займае начальнік перасоўнага аддзялення сувязі Ірына Клепусевіч. На гэтай пасадзе яна пяць месяцаў, а на пошту прадавец па прафесіі прыйшла ў леташнім лістападзе па аб’яве.
– Работа, канечне, адказная і нялёгкая, увесь дзень на колах, – усміхаецца субяседніца, – але ж і цікавая адначасова. З людзьмі пагутарыш, пра лёсы іх даведаешся. Прыемна ўсведамляць, што твая праца патрэбная. Ні разу так не здаралася, каб да машыны не прыйшоў ні адзін чалавек. У канцы месяца, калі звычайна разлічваюцца па рахунках і прэсу выпісваюць, нават невялікая чарга назіраецца.
І раёнку выпішуць, і камуналку прымуць
Першы прыпынак ПАПС-1 робіць у аграгарадку Сяменча. Гэта адзін з пяці абменных пунктаў, дзе паштавікі на колах пакідаюць сваім стацыянарным калегам карэспандэнцыю, тавары і забіраюць у Жыткавічы адпраўленыя месцічамі пісьмы і пасылкі. Пакуль ідзе разгрузка-выгрузка, паспяваю перакінуцца парай слоў з наведвальнікамі аддзялення сувязі. Жвавая пенсіянерка ў акулярах не шкадуе добрых слоў для сваіх дзяўчат: яны тут падабраліся добрыя і ўвішныя.
У Чырвоным, здзейсніўшы таварна-грашовы абмен у паштовым аддзяленні, машына тармозіць каля адміністрацыйнага будынка ТБЗ, дзе яе ўжо чакае сакратар прыёмнай. Сяргей Пракаповіч перадае жанчыне пад роспіс экспрэс-дастаўку: службовыя лісты і бандэроль. Праз лічаныя хвіліны “Газель” уязджае ў Пухавічы. Тут спачатку трэба пакінуць мясцовай паштарцы Сняжане Турмовіч газеты ды іншыя адпраўленні, якія яна разнясе адрасатам, а потым прыпаркавацца на гадзіну для абслугоўвання людзей. Месца сустрэчы не прамінеш. Каля магазіна, побач з крытай альтанкаю, змешчаны расклад ПАПС-1 (дарэчы, па словах пухаўцоў, шыльда не раз станавілася ахвярай мясцовых вандалаў). Першай справай вадзіцель дастае з кузава і падключае генератар, а Ірына Клепусевіч настройвае касавае абсталяванне. Праз расчыненыя дзверы аўто бачна, што перасоўнае аддзяленне нічым, за выключэннем хіба што памераў, не адрозніваецца ад стацыянарнага. Яно прымае ўсе паштовыя адпраўленні, камунальныя плацяжы, рэалізуе тавары народнага спажывання, афармляе падпіску на перыёдыку, папаўняе рахункі мабільных тэлефонаў. Эканамічна абгрунтаваны выязны фармат ужо даказаў сваю жыццяздольнасць. Галоўная задача – наблізіць паслугі да вяскоўцаў – паспяхова выконваецца .
– Каб толькі была ў нас пошта, – дзеліцца меркаваннем Лілія Макарэвіч, якая забірала сваю бандэроль. – Каму трэба, прыйдзе і да машыны. Вы напішыце, што і Ірына, і Сяргей – выдатныя людзі, мы ім дужа ўдзячныя.
Не адчуваюць сябе забытымі і другія мае субяседніцы. Сацыяльны работнік Алена Міхайлаўна спынілася, каб заплаціць за спажытую сваімі падапечнымі бабулямі электраэнергію, а нашу раёнку, з якой не растаецца, паведаміла, выпісала раней. Падтрымала размову і ўсмешлівая Ніна Давідовіч, якая рухалася з фермы, дзе працуе, на перапынак: “былі б грошы, а абслугоўванне будзе”.
Па шляху прагрэса
Атрымаўшы поўнае ўяўленне аб рабоце ПАПС, мы вырашылі сыйсці з маршруту. У Жыткавічах агульную прафесійную карціну “дамалявала” начальнік раённага ўчастка паштовай сувязі Леся Кузьміч:
– Сёння ў нас працуюць 24 аддзяленні, у тым ліку пяць гарадскіх, 18 сельскіх, адно перасоўнае. Акрамя таго, 56 населеных пунктаў, дзе адсутнічае пошта, абслугоўвае ўчастак матарызованай дастаўкі. Усяго па аўторках-суботах у рэйс выходзяць сем маршрутаў. У штаце ўчастка – роўна сто чалавек.
Самай традыцыйнай паслугай нароўні з пісьмовай карэспандэнцыяй, у тым ліку 1 класа, пасылкамі, паскоранай поштай, рэалізацыяй марак і мастацкіх картак, застаецца падпіска на перыёдыку. У пяць каталогаў “Белпошты” уключана звыш трох тысяч газет, часопісаў, альманахаў. Максімальны дзённы тыраж выданняў па раёну на 1 кастрычніка складае 10157 экземпляраў.
Пошта актыўна крочыць па шляху прагрэса, укараняючы новыя лічбавыя сервісы. Так, напрыклад, з нядаўняга часу можна аформіць адпраўленне онлайн, праз асабісты кабінет карыстальніка і мабільны дадатак РУП “Белпошта”, паслаць і атрымаць бандэроль ці пісьмо па QR-коду. Знайшло сваіх прыхільнікаў абслугоўванне на даму з дапамогаю АПК “Мабільны паштальён”. Юрыдычныя асобы ацанілі магчымасць аплачваць паслугі праз электронны асабовы рахунак. Апроч таго, у сістэме функцыянуюць пачтаматы, ёсць паштовы інтэрнэт-магазін, дзе можна набыць любы тавар. Карацей кажучы, перспектывы тут шырокія.
Мы, супрацоўнікі рэдакцыі, шчыра віншуем сваіх партнёраў-паштавікоў з прафесійным святам. Без вас, нашы шаноўныя, немагчыма было б развіццё “Новага Палесся”. Моцнага здароўя, поспехаў дома і на працы і абавязкова добрых навін кожны дзень.
Святлана Шакалян, фота аўтара