Сяўбу яравых культур у КСУПе “Людзяневічы” плануюць завяршыць у самыя сціслыя тэрміны

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У самыя сціслыя тэрміны плануюць завяршыць сяўбу яравых культур у КСУПе “Людзяневічы”.
Першымі на веснавы палетак свой магутны “Беларус” у счэпе з пасяўным агрэгатам вывелі Уладзімір Гатчэня і Васіль Смаглей. Яны задзейнічаны на сяўбе аўса. Разам з аграномам Кацярынай Папельскай хлопцы хутка наладжваюць сеялку, рэгулююць норму высеву.

 

— У майстэрстве механізатараў я ўпэўнена, — кажа Кацярына, — таму спадзяюся, што пасеем не толькі ў тэрмін, але і якасна. На гэта буду як спецыяліст звяртаць увагу найперш.
Варта сказаць, што ў Кацярыны Папельскай гэта першая пасяўная ў якасці агранома аддзялення “Ленінскае” КСУПа, і дзяўчыне вельмі хочацца, каб яна прайшла вельмі добра. Ведаў у спецыяліста, якія атрымала ў тэхнікуме, дастаткова, каб прымяніць іх на практыцы.
— Вясна сёлета прыпазнілася, таму давядзецца працаваць намнога болей, каб справіцца з заданнем, — гаворыць Уладзімір Гатчэня. — Да напружанай працы мы гатовы, тым больш што кіраўніцтва гаспадаркі ўлічыла такую акалічнасць і ва ўмовах аплаты прадугледзела добрыя матэрыяльныя стымулы. Тэхніка, спадзяюся, таксама не падвядзе, рыхтаваў трактар і сеялку старанна ў майстэрні.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAАдказнасць моманту разумеюць і іншыя механізатары. Як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Санюк, асноўная стаўка на сёлетняй сяўбе будзе зроблена на механізаваныя атрады, якія будзем камплектаваць толькі энерганасычанай тэхнікай.
— Зараз у нас маецца сем энерганасычаных “Беларусаў”, тры шыроказахватныя пасяўныя агрэгаты, сем дыскатараў. Уся гэтая тэхніка спраўная і будзе задзейнічана ў дзве змены, — адзначае Анатоль Васільевіч. — Для гэтага за энерганасычанымі трактарамі замацаваны па два механізатары.
Сапраўды, шчыраваць мясцовым працаўнікам на веснавым полі сёлета патрэбна нямала. Толькі ранніх каласавых неабходна пасеяць на 1600 гектарах ды кукурузы — 1900 гектараў, а таксама аднагадовымі культурамі амаль тысячу. І ўсё гэта патрэбна зрабіць у самыя сціслыя тэрміны. Акрамя таго, што адсеяцца, яшчэ неабходна і азімыя дагледзець. Дарэчы, гэтыя работы таксама вядуцца: азімыя падкормліваюцца мінеральнымі тукамі, барануюцца. Вывозіцца на палеткі і арганіка.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗладжанасці ў працы надае тое, што ў гаспадарцы старанна падрыхтаваліся да вясны, ды і кожны працаўнік адчувае адказнасць за свой участак работы. Гэта бачна паўсюдна. Напрыклад, у складах Адам Глушань і Уладзімір Чопчыц пад кіраўніцтвам Лідзіі Катовіч вялі пратручванне насення. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі повары Галіна Шчур і Крысціна Савіцкая. Амаль паўсотні абедаў штодзённа даводзіцца дзяўчатам гатаваць і развозіць да месца працы ўдзельнікаў пасяўной.
Відавочна, што хаця планы ў мясцовых спецыялістаў і працаўнікоў на веснавым палетку даволі значныя, але ўсе ўпэўнены, што з імі справяцца паспяхова. І для гэтага прыкладваюць належнае старанне.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.