На цагельні КСУП “Людзяневічы” павялічыцца вытворчасць цэглы да 1,6 мільёна штук у год
З даваенных часоў і па сённяшні дзень у вёсцы Людзяневічы працуе завод па вытворчасці цэглы. Ён і цяпер у значнай ступені гарантуе фінансавую бяспеку КСУП “Людзяневічы”, бо дзякуючы менавіта цагельні ў касе прадпрыемства заўсёды ёсць грошы.
Прадукцыя завода стабільна карыстаецца высокім попытам у шматлікіх пакупнікоў. А дзелавыя стасункі склаліся ў сельгаспрадпрыемства з будаўнічымі арганізацыямі з Петрыкава, Салігорска, Гомеля. Да таго ж вялікую патрэбу ў якаснай мясцовай цэгле мае і насельніцтва. Асабліва шмат пакупнікоў прыязджае сюды з вёскі Альшаны Столінскага раёна: з цэглы яны робяць падмуркі для цяпліц, печкі для іх абагрэву, будуюць дамы.
З карысцю для справы выкарыстоўваюць будаўнічы матэрыял і ў мясцовым КСУПе, дзе пабудаваны шматлікія вытворчыя памяшканні. Так, гаспадарчым спосабам была праведзена рэканструкцыя малочнатаварных ферм, што дазволіла зрабіць больш таннымі многія будаўнічыя работы.
На цагельні працуе 14 чалавек. Летась тут было выраблена і рэалізавана 904 тысячы штук цэглы, на рахунак гаспадаркі паступіла звыш мільярда рублёў. У 2013 годзе плануецца мець не меней мільёна штук. А зыходзячага матэрыялу для гэтага дастаткова. Да таго ж нарыхтавана больш за тысячу кубаметраў дроў для абпальвання сырцу. А каб пакалоць такую колькасць драўніны, мясцовыя ўмельцы змайстравалі механічны калун, які працуе ад электрарухавіка.
Адчувальную дапамогу КСУП “Людзяневічы” аказваюць іх шэфы — рэспубліканскае аб’яднанне “Белаграсервіс”. Дзякуючы ім набыты экскаватар і бульдозер. Збіраюцца тут зрабіць рамонт печкі абпальвання, а таксама замяніць састарэлае прэсавае і канвеернае абсталяванне. І курс выбраны правільны, бо пасля мадэрнізацыі вытворчасць цэглы павялічыцца да 1,6 мільёна штук у год.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.