САКРЭТЫ МАЙСТЭРСТВА

Сакрэт працоўных перамог. Мікалаю Адамавічу Блоцкаму, вадзіцелю аддзялення “Верасніца” КСУПа “Агра-Прыпяць”, ён вядомы вельмі добра. І самае галоўнае, па словах Мікалая Адамавіча, ён і не такі складаны.


Працоўны стаж у некалькі дзесяцігоддзяў — гэта вялікая падтрымка прафесійнага майстэрства. Нямала гадоў мінула, каб дасканала вадзіцелю асвоіць даручаную яму тэхніку. На розных марках аўтамабіляў даводзілася працаваць Мікалаю Адамавічу, але ён цвёрда засвоіў, што каб машына надзейна служыла табе, патрэбна старанна сачыць за яе тэхнічным станам. Таму Блоцкі з гаража не выедзе пакуль не абгледзіць дэталёва свой аўтамабіль. Толькі пасля такога агляду кіруецца па вызначанаму ў пуцявым лісце маршруту. А яны могуць быць самымі рознымі як унутры гаспадаркі, так і ў самыя аддаленыя гарады рэспублікі. Тым больш цяпер, калі вадзіцель атрымаў новы МАЗ.


Працуй і не лянуйся, тады ўсё атрымаецца — гэта таксама з жыццёвых прынцыпаў Мікалая Адамавіча, засвоеных ім за гады працы. І ён упэўнена кіруецца імі ў сваёй дзейнасці. Аб тым сведчыць, што ён неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам раённага і ўнутрыгаспадарчага працоўных спаборніцтваў. І сёлета гэта спрацавала. Мікалай Адамавіч на жніве даставіў ад камбайнаў на ток 1481 тону збожжа і заняў другое месца сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня.


— Былі і больш важкія дасягненні ў ранейшыя гады, намнога больш перавозіў, — гаворыць вадзіцель. — Але ж трэба ўлічваць, што з кожным годам канкурэнцыя расце. Вунь колькі новых аўтамашын набылі з дапамогай дзяржавы, і кожны вадзіцель стараецца таксама перавезці як мага больш зерня.


У вадзіцеляў на жніве свая спецыфіка работы. Яны стараюцца своечасова падаваць свае аўтамашыны пад шнэкі камбайнаў, каб механізатары працавалі без прастояў. Але ж і ў такі гарачы час не абыходзіцца без камандзіровак. Найбольш часты маршрут “гаспадарчы збожжаток — элеватар”. Не раз Блоцкі за гэтае жніво праязджаў па яму. Выгрузка — і зноў на палетак. Менавіта на ім вырашаецца наколькі поўнымі будуць дзяржаўныя засекі. А хлебная ніва парадавала сёлета добрым ураджаем. Таму справы і клопату ў вадзіцеляў было не менш чым у іншых удзельнікаў уборачнай кампаніі.


Працоўная біяграфія ў Мікалая Адамавіча нічым не розніцца ад многіх вяскоўцаў яго пакалення. Некаторыя пра іх кажуць, што дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Толькі, думаецца, не вельмі справядліва гэтае выслоўе адцяняе характар гэтых людзей. Бо як працаваць, калі няма любові да роднай зямлі, калі не шануеш яе? Ці ўрасцеш у яе? Мяркую, што не. Не затрымаецца чалавек у тых мясцінах, дзе нарадзіўся, калі будзе жыць па вышэйадзначанаму выразу. Таму любоў да роднай зямлі, таксама прывітая з самых маладых гадоў, з’яўляецца яшчэ адной састаўной у прафесійным майстэрстве Мікалая Адамавіча.


С.МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.