Ты малітва мая, Вятчын!
Успаміналі вясенні дзень, як жудасны сон…
У сакавіку 1943 года ў вёсцы Вятчын фашысты знішчылі 570 жыхароў вёсак Дзякавічы і Буда. Усіх іх сагналі ў адрыну і спалілі жывымі. На гэтым месцы цяпер — брацкая магіла, якая доўгія дзесяцігоддзі знаходзілася пад шэфствам Вятчынскай сярэдняй школы.
Месцічаў чакала такая ж бяда. Усе — жанчыны, дзеці, старыя — былі сагнаны ў памяшканне школы. Будынак быў ужо абкладзены саломай і абліты бензінам, вакол стаялі нямецкія салдаты з аўтаматамі і сабакамі. Нікому нічога не гаварылі, не дазвалялі выходзіць. Далёка ад памяшкання школы даносіліся плач дзяцей і крыкі жанчын. Але раптам прыскакаў на кані нямецкі салдат і перадаў загад аднаго нямецкага афіцэра аб тым, каб жыхароў вёскі не палілі.
А справа ў тым, што адна жанчына (мне так і не ўдалося ўдакладніць хто?) не выдала гэтага афіцэра. Ен быў моцна паранены і жанчына дапамагла яму. У той час, калі павінны былі спаліць вятчынцаў, афіцэр знаходзіўся ў Капцэвічах. Даведаўшыся аб жудасных намерах, ён адправіў у Вятчын салдата з загадам не паліць людзей. На шчасце, салдат паспеў. Сотні людскіх жыццяў былі захаваны. Усё сваё жыццё яны ўспаміналі падзеі таго дня, як жудасны сон. Колькі трэба было перажыць, знаходзячыся ў памяшканні школы, чакаючы сваёй пакутлівай смерці. І якое шчасце яны адчулі, калі іх адпусцілі жывымі.
Новы час – новае жыццё
…Мінула дваццаць гадоў пасля вайны. Дзякуючы працавітым рукам вятчынцаў непазнавальна змяняўся выгляд вёскі. Яна стала адным з буйнейшых культурных цэнтраў раёна.
У вёсцы была пабудавана амбулаторыя і ўчастковая бальніца на 10 ложкаў, у якой працаваў вялікі медперсанал на чале з выпускніком Віцебскага медыцынскага інстытута, урачом Марціновічам Аляксандрам Уладзіміравічам. Доўгі час ён працаваў у Вятчынах і карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам сярод вяскоўцаў.
Дарэчы, будаўніцтва ФАПа і бальніцы ў пасляваенныя гады вялі ўрач-тэрапеўт Бабарыка М.І. і фельчар Касцюкевіч С.А. Акрамя асноўнага свайго занятку, гэтыя людзі прымалі ўдзел у вырубцы і нарэзцы лесу, планіроўцы памяшкання і г.д. Толькі дзякуючы іх самаадданай працы бальніца была пабудавана, абсталявана неабходным інвентаром і пачала выконваць свае функцыі.
У бальніцы працаваў стаматалагічны кабінет, акушэр-гінеколаг, тэрапеўтычны кабінет. Штат складалі 4 санітаркі, 4 медыцынскія сястры (Саўчыц М.І., Гарчанка М.Н., Асіпенка Н.А., Савасценя Я.С.), якія прыехалі сюды на працу і засталіся назаўсёды. Вяскоўцы часта ўспамінаюць урача Гарчанка Аляксандра Арцёмавіча і ўдзячны яму за сардэчныя адносіны да пацыентаў.
На жаль, у 80-я гады бальніцу расфарміравалі, застаўся толькі фельчарска-акушэрскі пункт. Хаця ж у аналагічных пры такой жа колькасці людзей населеных пунктах раёна іх будавалі…
У 60-я гады ў вёсцы былі пабудаваны лазня і камбінат бытавога абслугоўвання. У КБА можна было заказаць розныя вырабы з трыкатажу, абутак, швейныя вырабы. Таксама прымалася бялізна ў пральню.
Нарыхтоўвалі і расцілі лес
На дзесяткі кіламетраў вакол вёскі раскінуліся змешаныя лясы. Тут заўсёды вялася лесанарыхтоўка драўніны, яе пераапрацоўка. Жыхары вёскі жылі з лесу, асабліва ў неўраджайныя гады ды ў часы ліхалецця — шмат грыбоў і ягад дараваў ён мясцовым насельнікам.
Адразу пасля вайны, у 1946 годзе, тут пачаў сваю дзейнасць лясгас. Першым ляснічым была Белая Наталля Іванаўна. Штат працаўнікоў лясной гаспадаркі быў яшчэ невялікі, кантора знаходзілася ў хаце ляснічага.
У 1948 годзе ў лясгасе былі дзве брыгады па 13 чалавек у кожнай. Пачынаючы з вясны рабочыя садзілі маладняк. Летам праполвалі, рабілі прасвятленне, ачыстку лесу.
Калі пасаду ляснічага заняў Людвікевіч Антон Паўлавіч, кантора была ў яго хаце. Леснікамі ў той час былі Буякевіч Павел Тарасавіч і Буйка Іван Міхайлавіч.
Узімку брыгады займаліся нарыхтоўкай дроў і дзелавой драўніны. Па два чалавекі ручной пілой наразалі лес, абсякалі сучкі. Кожны рабочы за дзень наразаў 5 – 7м3. Больш чым 40 гадоў адпрацавала ў лясгасе Гаўрыловіч Ганна Савічна. Увесь час шчыравала брыгадзірам. Шмат гадоў аддалі гэтай справе Мірановіч Алена Мікалаеўна, Мірановіч Вольга Мікалаеўна, Варона Марыя Мікалаеўна, Бародзіч Анастасія Якаўлеўна. Многа гадоў, спачатку леснікамі, а потым аб’ездчыкамі, працавалі ў лясгасе Шчур Любоў Фёдараўна і Мірановіч Алена Данілаўна.
З 1960 пасаду ляснічага займаў А. Баранаў. Адпрацаваў ён каля 10 гадоў. Гэта быў вельмі гаспадарлівы, граматны чалавек, які добра ведаў і любіў сваю справу. Лясніцтва заўсёды выконвала план па вырубцы і вывазцы драўніны, займала прызавыя месцы па раёну. З году ў год павялічваліся паказчыкі работы, паляпшаліся ўмовы працы, у гэтыя гады з’явіліся ў лясгасе бензапілы.
У 1974 годзе на пасаду ляснічага быў назначаны Бедункевіч Антон Антонавіч. У гэты час пачалося будаўніцтва піларамы, устаноўлена новае абсталяванне. З дня адкрыцця на пілараме працавалі Гаўрыловіч Іван Міхайлавіч, Мірановіч Іван Якаўлевіч, Мірановіч Уладзімір Мікалаевіч. Быў у лясгасе і трактар.
Добрыя людзі маёй вёскі
…У 60-я гады ў вёсцы было адкрыта новае аддзяленне сувязі і філіял ашчаднага банка, загадчыкам якіх з пачатку існавання быў Стахіевіч Міхаіл Мікалаевіч. Надта любіў ён сваю справу. Вяскоўцы паважалі Стахіевіча, бо заўсёды стараўся дапамагчы, калі нешта не атрымлівалася. А яшчэ ён — актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці. Разам з жонкай Міхаіл Мікалаевіч радаваў сваім талентам не толькі вяскоўцаў, але і жыхароў суседніх вёсак. Стахіевіч М.М. неаднаразова абіраўся дэпутатам мясцовага сельскага Савета.
Пасля аддзяленне сувязі ўзначаліла Гаўрыловіч Ніна Мікалаеўна. Таксама старанны, уважлівы да справы, людзей чалавек.
У 1974 годзе, пасля заканчэння лесагаспадарчага тэхнікума, прыехала па накіраванню ў Вятчыны на працу Мірановіч Надзея Фядотаўна. Амаль тры дзесяткі гадоў апрацавала яна ў лясной гаспадарцы. Надзея Фядотаўна — добры арганізатар, прафесіянал. Яна заўжды дапамагала маладым спецыялістам, старалася перадаць ім свой вопыт. Так як кіраўнікі заўсёды мяняліся, менавіта яна фактычна вяла самы адказны ўчастак работы. Гэта спецыяліст сваёй справы. І вельмі прыемная жанчына, самадзейная спявачка, якая жыве дзеля людзей…
Розныя (бязрадасныя) факты з жыцця вёскі
У 80-я гады спыніла існаванне піларама — яна проста згарэла. Вяскоўцы былі ў роспачы. Зразумела, як жыць, калі няма дзе абрэзаць лес, ды і дошку набыць? Хіба навозішся за трыццаць сем кіламетраў з Жыткавічаў? Парадокс, але гэтая праблема існуе да цяперашняга часу. Праблема з набыццём піламатэрыялаў, паліва ў лясной вёсцы стала таксама адной з прычын нежадання месцічаў будавацца ў родных мясцінах. Разам са знікненнем рабочых месцаў людзі масава пакідалі вёску.
З 1979 года ў Вятчынскім лясгасе працаваў перапрацоўчы цэх, дзе з хвойнай лапкі рабілі муку, якую адпраўлялі ў Пціч. Гэта была вельмі карысная справа, але ў 1990 годзе праца цэха была спынена. Ніхто людзям не растлумачыў чаму… Ды і што там казаць: у параўнанні з 70-мі ў 90-я гады аб’ём усіх работ — ад сельскагаспадарчых да прамысловых — быў зніжаны больш чым напалову. Сумна.
І лёс камбіната бытавога абслугоўвання аказаўся незайздросным: у 1993 годзе яго як нерэнтабельнае прадпрыемства закрылі. Нібыта бытавымі паслугамі і не трэба людзям карыстацца. А ці даедзеш у райцэнтр, калі рэйсавы аўтобус некалькі раз на тыдзень, і то найбольш па выхадных днях? Што на гэта адкажаш людзям?..
Паглядзім, як рэзка зніжаецца колькасць насельніцтва. Калі ў 1950 годзе яго колькасць набліжалася да трох тысяч, то ў 1960-м ужо 2200 чалавек, у 1970-ым каля 1600 чалавек, у 1980-ым — 1080 чалавек, у 1990-ым — каля 800 чалавек, у 1998-ым — 690 чалавек, у 2008-ым — каля 350…
“Была б гаспадарка – была б і вёска…”
Менавіта так сёння кажуць мне з болем у голасе старыя і нямоглыя людзі, мае аднавяскоўцы. Яны згадваюць цяжкія і адначасова гады ўздыму дзейнасці мясцовай гаспадаркі “ІІ пяцігодка”, ля вытокаў якога стаялі родныя мне людзі, а дзядуля, Ігнат Адамавіч, узначальваў яго ў самыя цяжкія гады для жыцця людзей. А гэта была неблагая гаспадарка.
У 1970 годзе ў калгасе “ІІ пяцігодка” было 5 камбайнаў, 7 грузавых машын (шафёрамі на якіх працавалі Гаўрыловіч Пётр Савіч, Гаўрыловіч Мікалай Ігнатавіч, Гаўрыловіч Іван Андрэевіч, Рагалевіч Міхаіл Андрэевіч, Касабуцкі Іван Мікалаевіч), 4 трактары Т-40, трактары Т-25 (на якіх працавалі Касабуцкі Іван Цярэнцьевіч, Грышаеў Міхаіл Пятровіч і інш.). Калгас меў таксама 16 трактароў МТЗ, сеялкі, культыватары, плугі, каткі, бароны.
Вялікія плошчы былі заняты пад зерневыя культуры і бульбу. Калі ў 1957 годзе да 60-годдзя Вялікага Кастрычніка план калгаса “ІІ пяцігодка” быў: малака — 490 тон (на адну карову 1870 кг), мяса — 160 тон, бульбы — 72 тоны, то да 1970 года гэтыя паказчыкі павялічыліся на чвэрць!
Штогод павялічваліся ўраджаі збожжавых культур, бульбы, пагалоўе жывёлы. У 1970-м годзе ў вёсцы налічвалася болей 100 коней. Працавалі 4 паляводчыя брыгады, кожная брыгада мела сваю канюшню і па 25 коней.
У гэты час былі закуплены новыя чорна-пёстрыя пароды буйной рагатай жывёлы. Пасвіць кароў пачалі на акультураных выганах. Усё гэта спрыяла павелічэнню паказчыкаў, пад’ёму сельскай гаспадаркі, дабрабыту калгаснікаў. Яны пачалі будаваць дамы. Амаль у кожнай гаспадарцы з’явіліся тэлевізары, халадзільнікі і інш. Адным словам, вёска набывала сучасны выгляд.
І тут у студзені 1980 года калгас “ІІ пяцігодка” быў аб’яднаны з калгасам “Кастрычнік”. Дзеля лепшага жыцця — як абяцалі людзі з раёну.
З 1983 года загадчыцай Вятчынскай малочнатаварнай фермы працавала Аксёнчык Марыя Мікалаеўна. Ферма налічвала каля 100 галоў дойных кароў і каля 100 маладняку. На ферме працавала 5 даярак, 3 цялятніцы, слесары, рабочыя і інш. Штат працоўных фермы налічваў 25 чалавек. Цяпер ад фермы засталіся толькі рэшткі будынін. Апошнія гады паляводчая брыгада працавала пад кіраўніцтвам Цішкаўца Івана Арсенцьевіча. Вырошчваліся нядрэнныя ўраджаі бульбы, кармавых буракоў, морквы, цыбулі, капусты, збожжавых культур. Цяпер фактычна і брыгады няма. Адны пенсіянеры. Але яны адгукаюцца на просьбы брыгадзіра, выходзяць на сельгасработы і зараз. Вось такія мае вятчынцы. Працалюбівыя.
Ім проста не пашчасціла, на мой погляд, з кіраўніцтвам. Не патрапіўся такі тут чалавек, як Сулкоўскі ці Гаршкалеп (былыя старшыні калгасаў у Бялёве), які б думаў не разбурыць, а пабудаваць.
На ростанях
Спадзяванні вяскоўцаў на лепшае жыццё з суседзямі не апраўдаліся. Паціху ўсе сацыяльназначныя і вытворчыя аб’екты спынялі сваё існаванне. У 2009 годзе спыніла дзейнасць і Вятчынская базавая школа. Пакуль існуе ФАП і клуб, які стаў Вятчына-Рудненскім, крама райпа, лясніцтва Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Вялікі будынак двухпавярховай школы, патэнцыял якога яшчэ не вычарпаны, хутка можа быць разабраны. Калі яго ніхто не купіць і не створыць тут нейкае прадпрыемства. Магчыма, экалагічна-турыстычнага напрамку, магчыма, па перапрацоўцы драўніны… Дзе ты, багацей? Выратуй вёску! Дай ёй новы шанец! Такая малітва і ў мяне, і ў апошніх яе жыхароў… Малітва за жыццё.
У. ГАЎРЫЛОВІЧ.
Р.S. А я ў чарговую зіму буду рабіць след у цнатлівым снезе, прабіваючыся да роднай хаты. Да яе ж ні даехаць, ні прайсці — за ўсе дзесяцігоддзі савецкай улады на роднай вуліцы Лясной ніхто не парупіўся ні з бульдозерам, ні коўш пяску не прывёз, каб падсыпаць разбітыя дарогі. Добра што гарыць ліхтар — адзін на пятнаццаць хат. Гэта ўсё, на што здольна мясцовая ўлада. У яе грошай, зразумела, няма. Але ж і старым жыць трэба. І трэба, каб сюды дабіралася хаця б “хуткая дапамога”. Бо без яе — што ўжо там, лажыся і памірай. Але людзі вераць, што вёска будзе жыць.