У рэжыме абнаўлення і паскарэння
У студзені бягучага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №504, які, па сутнасці, вызначае новыя правілы гульні на рынку лесанарыхтовак. Асноўны лейтматыў яго заключаецца ў тым, што ў хуткім часе лес як сыравіна з нашай краіны больш вывозіцца не будзе. А менавіта толькі ў перапрацаваным выглядзе, з высокай вартасцю. Гэта значыць, што ўсе нарыхтоўчыя прадпрыемствы рэспублікі з дзярждоляй непазбежна ўвойдуць у нішу дрэваапрацоўкі. У канцэрне “Беллеспаперапрам” упэўнены: у такіх умовах леспрамгасы не толькі выжывуць, але і складуць канкурэнцыю прадпрыемствам Мінлясгаса.
Перамены да абнаўлення і паскарэння ў рабоце не абышлі бокам і працоўны калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавічлес”. На тэрыторыі яго ніжняга склада запланавана пабудаваць лесапільны завод, які будзе перапрацоўваць у год да 40 тысяч кубаметраў драўніны. Неабходнае абсталяванне кіраўніцтва акцыянернага таварыства мае намер закупіць у Германіі. Для больш хуткай і якаснай перапрацоўкі сыравіны сюды будзе завезена і сушыльная камера.
Мэта мадэрнізацыі адна: прадаваць за мяжу не так званы “кругляк”, а гатовую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. А аб тым, што калектыў здольны нарошчваць свае экспартныя паказчыкі, красамоўна сведчаць і вытворчыя здабыткі 5 месяцаў 2013 года. Так, адгрузка балансаў бярозавых у краіны блізкага і далёкага замежжа да студзеня – мая 2012 года склала 115,8 працэнта, а сыравіны драўнінна-тэхнічнай – 167,2 працэнта.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.