Галубы над новабудоўляю

У ліку тых, хто аднымі з першых сустракае ранкам узыход сонца на сваім рабочым месцы, па-ранейшаму застаюцца нашы будаўнікі, прафесія якіх наколькі старажытная, настолькі сучасная і запатрабаваная. А калі ўлічыць, што ў Жыткавіцкім ПМК-76 адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельсаўгасбуд” гэтых будаўнічых аб’ектаў шмат, то няцяжка ўявіць, якая гэтая раніца шматлюдная і дружная ў многіх населеных пунктах нашага раёна.
— У мікрараёне Азёрны нашага райцэнтра мы завяршаем узвядзенне новага сарака-кватэрнага дома, — дзеліцца набыткамі сваёй калоны новы начальнік Віктар Макарэвіч. — Акрамя гэтага, брыгады працуюць у вёсцы Кольна, дзе будуецца малочнатаварная ферма, узводзяць даільна-малочныя блокі ў населеных пунктах Пасека і Сяменча, цягнуць інжынерныя сеткі ў мікрараёне Подаўж-3 і ў дзевятым мікрараёне, вядуць капрамонт плавальнага басейна, завіхаюцца на даху кінатэатра “Узыход”.
Радуе, лашчыць вока як жыткаўчан, так і іх шматлікіх гасцей мікрараён Азёрны, якім за апошнія гады даволі прыкметна прырастае наш горад. І ўсё гэта дзякуючы нашым нястомным будаўнікам, іх высокаму прафесіяналізму і адданасці абранай справе. Не выключана, што Жыткавічы ў недалёкім часе злучацца з суседнім пасёлкам Чырвоная Зорка, бо паабапал асфальтаванай дарогі, што вядзе ў бок вёскі Кольна, запланавана вялікае будаўніцтва… Тут вырастуць як пяціпавярхоўкі, так і дамы сядзібнага тыпу. А ў жніўні бягучага года ў мікрараёне Азёрны плануецца да здачы ў эксплуатацыю саракакватэрны дом, пра які мы сказалі вышэй. Праўда, кіраўніцтва ПМК-76 робіць адно ўдакладненне: пры наяўнасці грашовых сродкаў, гэта значыць калі забудоўшчыкі працягнуць, так бы мовіць, сваю крэдытную лінію і своечасова разлічацца з дзяржавай за сваё новае жыллё…
Работнікам перасоўнай механізаванай калоны хапае спраў і на вытворчых аб’ектах. Ладзяцца справы на адным з пераходных аб’ектаў будаўнічай арганізацыі — малочнатаварнай ферме на 600 галоў у вёсцы Кольна. Сёлета трэба ўвесці ў строй дзеючых яго першую чаргу — два жывёлагадоўчыя памяшканні, сянажную траншэю, воданапорную вежу, свідравіну, падключыць электрасеткі. Сюды ж уваходзіць і своечасовы, якасны ўвод у эксплуатацыю цэха для сухастойных кароў. Пусканаладачныя работы вядуцца і ў даільна-малочных блоках вёсак Пасека і Сяменча.
У апошнія гады кіраўніцтва ПМК-76 узяло курс на тое, каб як мага болей будаўнічых работ калектыў выконваў уласнымі сіламі, атрымаў на гэта адпаведныя сертыфікаты і да мінімуму скараціў колькасць субпадрадных арганізацый. І ў гэтым накірунку зроблена нямала, у выніку чаго спецыялісты паспяхова асвоілі шматлікія электрамантажныя і сантэхнічныя работы. З гэтай мэтай умацоўваецца і ўдасканальваецца ўвесь час матэрыяльна-тэхнічная база прадпрыемства. Так, былі ўведзены ў строй дзеючых уласная піларама, свае дрэваапрацоўчы і зварачны цэхі. Распачата будаўніцтва і ў перспектыве будуць працаваць сталярны і цэх па металаапрацоўцы.
— Пры ўсіх выпрабаваннях і цяжкасцях нашай будаўнічай галіны, пры ўсіх яе ўзлётах і падзеннях, — гаворыць Віктар Сяргеевіч, — у нас заўсёды нязменным заставаўся наш касцяк — дзесьці 30-40 працэнтаў работнікаў калектыву, якія былі заўжды верныя сваёй калоне. Гэта як інжынерна-тэхнічныя работнікі, так і радавыя працаўнікі. Людзі ў рэшце рэшт працуюць на канчатковы вынік. І напярэдадні нашага заўтрашняга свята я хацеў бы з вялікай удзячнасцю назваць прозвішчы слесара-сантэхніка Вячаслава Бандзюка, электрагазазваршчыкаў Уладзіміра Звяздзіліна, Вячаслава Болдзіна, электрамантажнікаў Максіма Кацэвіча, Ігара Некрашэвіча, Генадзя Якімцава, муляроў Андрэя Малочкі, Генадзя Салавейкі, электраманцёра Максіма Загаруйкі, тынкоўшчыкаў Валянціны Краўчук, Надзеі Далгунец, Вольгі Масла, цесляра Пятра Нажэева і многіх другіх.
Тэмпы будаўнічых работ у ПМК-76 ідуць плячо ў плячо з высокімі патрабаваннямі да іх якасці, якія за апошнія гады непараўнальна з мінулым узраслі. Яно і не дзіўна: кошт кожнага метра жылля з кожным годам расце, таму забудоўшчыкі, якія плацяць за будучую кватэру немалыя грошы, у праве патрабаваць і належную якасць будаўнічых і аддзелачных работ. За гэтым пільна сочаць як майстры і прарабы, так і інжынер па якасці Вячаслаў Купрацэвіч.
Не можа не радаваць тое, што кіраўніцтва, інжынерна-тэхнічныя работнікі ПМК-76 падтрымліваюць цесныя стасункі з другімі будаўнічымі арганізацыямі Жыткаўшчыны, са сваімі калегамі, дапамагаюць адзін другому каштоўнымі парадамі ды канкрэтнымі справамі. Як сказаў Віктар Макарэвіч, так павінна быць і надалей, бо ўсе мы працуем на адзіны будаўнічы камплекс раёна.
…Мы развіталіся з новым кіраўніком ПМК-76 у мікрараёне Азёрны ля саракакватэрнага дома, які, згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі, павінен быць здадзены новым жыльцам на фінішы гэтага лета. Затым магутны вежавы кран перабазіруецца ў мікрараён Паўночны, дзе на трывалым падмурку пачне расці новы 60-кватэрны дом. А вось над гэтым, азёрнаўскім, дружна ўзляталі і кружыліся ў блакітным небе лёгкакрылыя галубы. Яны быццам прыспешвалі наваселлі людзей і падавалі зверху добры знак: жывіце ў міры і згодзе…
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.