Паслугі будуць расці
Дырэктара Жыткавіцкага філіяал КУП “Гомельаблпаліва” Уладзіміра Жукоўскага мы ў тую новую рабочую раніцу напаткалі ў вялізным двары прадпрыемства, дзе горамі высіліся штабялі дроў ды чакалі чарговай загрузкі ў спецыяльным сховішчы паліўныя брыкеты. Мужчыны спрабавалі ў рабоце бензапілы, настройвалі агрэгаты па колцы дроў.
— Вось нядаўна купілі новы, трэці па ліку ў нашай гаспадарцы дрывакольны станок коштам 48 мільёнаў рублёў, — расказаў Уладзімір Мікалаевіч. — Справа ў тым, што з боку насельніцтва ўвесь час попыт на менавіта гатовыя, колатыя дровы расце, таму пры неабходнасці будзем набываць і чацвёрты станок. Жыццё на адным месцы не стаіць, трэба ўвесь час рухацца наперад, закупляць новае абсталяванне, расшыраць вытворчасць, абнаўляцца. І курс да поспеху можа быць адзін — на мадэрнізацыю.
За 2013 год калектыў павінен будзе, згодна з планавымі лічбамі, рэалізаваць сваім спажыўцам не меней чым 5875 кубічных метраў дроў і 6270 тон брыкетаў. І справы спорацца: за 7 месяцаў заданне па цвёрдаму ўмоўнаму паліву выканана на 106 працэнтаў.
Варта сказаць, што ў надзвычай важнай, неабходнай для людзей справе продажу дроў насельніцтву мясцовы філіял у апошнія гады зрабіў важкі крок наперад, пачаўшы рэалізоўваць жадаючым менавіта ўжо колатыя дровы. І тым самым, скажам шчыра, скінуў з плячэй у першую чаргу пажылых, знямоглых людзей такую цяжкую ношку. Цяпер, як кажуць, без клопату галава: заплаці грошы, і работнікі райпалівазбыту прывязуць табе дровы на самы падворак. Выгода тут двухбаковая: спажыўцу — неабходныя паслугі, а прадпрыемству — грашовы прыбытак за такія аперацыі як рэзка, колка дроў, дастаўка паліва ў любы населены пункт нашага раёна. Трэба адзначыць, што на сённяшні дзень у чарзе за колатымі дровамі стаіць прыкладна 100 чалавек.
Згодна з заключанымі загадзя дагаворамі драўніна ў філіял паступае з Жыткавіцкага лясгаса і эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадаркі “Ляскавічы” Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”: прыкладна па 3 тысячы кубаметраў драўніны з кожнага працоўнага калектыва. Толькі аб’ёмы гэтыя тут збіраюцца давесці да 8 тысяч метраў кубічных. Тым больш што прадпрыемства мае намер закупіць стужкавую пілараму, на што быў выдзелены беспрацэнтны крэдыт у 250 мільёнаў рублёў. Будзе закуплены новы трактар МТЗ-82 і адкрыты тры новыя рабочыя месцы: станочніка, падсобнага работніка і трактарыста.
У філіяле, дзе працуе два дзясяткі чалавек, маюцца пяць трактароў МТЗ-80, аўтамабіль ГАЗ-53, пагрузчык. Невялікі, нацэлены на вытворчыя поспехі і новыя дасягненні калектыў абслугоўвае на Жыткаўшчыне дровамі 950 домаўладанняў, а брыкетам — 1460. Прыклады стараннай працы тут паказваюць вадзіцель Валянцін Смірноў, трактарысты Валерый Давідовіч, Віктар Патапенка, Віктар Белкавец і іншыя. Яны годна сустракаюць сваё прафесіянальнае свята — Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.
Сяргей ВІЛЬЧЫК.