Людзі і нафта станцыі “Тураў”

29 чэрвеня 1967 года пачала працаваць нафтаперапампоўваючая станцыя “Тураў”. Першымі яе працаўнікамі значацца Мікалай Блоцкі, Васіль Гусак, Дзмітрый Блоцкі, Васіль Андрэйкавец, Міхаіл Чорны, Іван Вашкоў, Васіль Дарошка, Мікалай Бобрык, Пётр Каралец, Марыя Блоцкая, Іван Госць, Наталля Госць, Аляксандр Блоцкі і другія.

Было цяжка. Кожны дзень трэба было абследаваць трасу. Дзе пешшу, дзе на розным тагачасным транспарце. Былі парывы з выхадам нафты. Аўтаматыкі фактычна не было, ці амаль не было. Прыходзілася прымяняць палескую кемлівасць, затым новыя распрацоўкі нашых вучоных. На сённяшні дзень станцыя – гэта ўжо сучасны аўтаматызаваны “карабель”.
Канешне, першую “скрыпку” можна аддаць аварыйнай службе на чале з яе начальнікам Васілём Каральцом. 33 працаўнікі, 33 розныя характары. Вельмі граматныя людзі. Тут трэба ведаць, на якой глыбіні можна пракласці трубу, на якой яна ўжо ляжыць, дзе кабелі, як пралажыць камунікацыі пад рэкамі, у балоце, як рамантаваць, як пазбегнуць выхаду нафты на рэльеф і г.д. Можна сярод вады “прасядзець” цэлы тыдзень, закапаўшыся на 2 метры ў зямлю. А калі ж паглядзець на гэтую карціну – яма сярод вады! Ці нейкі дзіўны карабель! І гэты дзіўны карабель з пяску ў мяшках і з рухавіком для адпампоўвання вады з глыбіні 5-6 метраў яшчэ рухаецца па неабсяжным моры Герадота ў нейкую добрую будучыню…
За час эксплуатацыі нафтапровада на трубах з’явіліся ракавіны, якія трэба ліквідаваць пры дапамозе спецыяльных муфт. А гэта зноў раскапваць, агаліць трубу, паставіць водапаніжэнне, ачысціць трубу, прыварыць муфту, заізаліраваць, засыпаць. Акрамя самых трубапровадаў, брыгада аварыйшчыкаў мае на трасе супрацьпажарныя збудаванні, дарогі, пляцоўкі для развароту тэхнікі, пляцоўкі для прыёма-пуска ачышчальных “снарадаў”, розныя дамбы. Каб выканаць усё гэта – патрабуюцца людзі. Возьмем Рыгора Белку. За кароткі час ён вывучыў усе віды транспартных сродкаў, якія маюцца на НПС, быў лепшым сярод вадзіцеляў у конкурсе “Лепшы па прафесіі”, а ў 2011 годзе першы ў конкурсе па ААТ “Гомельтранснафта “Дружба”. Акрамя таго, што ён першы ў працы, то яшчэ актыўны удзельнік спартыўных спаборніцтваў і культурна-масавых мерапрыемстваў. Адзін з лепшых у ААТ па гіравому спорту.
А ўзяць Валянціна Ласко. Да яго за дапамогай, як да “доктара”, ідуць і маладыя, і больш сталага ўзросту людзі. Усё падскажа. І не толькі падскажа, а і пакажа, і дапаможа сваімі рукамі!
Сярод лепшых таксама машыніст экскаватара Уладзімір Мастовіч, вадзіцелі Васіль Мартынаў, Васіль Дарошка, Віктар Кужэльны, Валянцін Зямлянік, Іван Бохна і другія. Карыфеямі сярод трубаправодчыкаў можна назваць Аляксандра Пятрычыца, Аляксандра Каральца, Васіля Гананайку, Міхаіла Пятрычыца і другіх. А электрагазазваршчыкі Анатоль Кошкін, Мікалай Белка могуць зварваць усё. Пяты і шосты разрады за прыгожыя вочкі не даюць! Каб справіцца з такім адказным участкам, Васілю Каральцу дапамагаюць майстры Дзмітрый Чорны, Рыгор Матарас, механік Андрэй Запрудскі.
Усю электрычную частку НПС абслугоўвае 9 электраманцёраў на чале з Мікалаем Пятрушыным, майстрам Віктарам Мазанам. Калектыў вельмі граматны і дружны. Узяць хаця б Івана Дарошку – 28 год на адным месцы! Вывучыў усё электрычнае абсталяванне станцыі і лінейнай часткі. Як адзін з самых умелых, заўсёды ўдзельнічае у рэканструкцыі водных пераходаў праз рэкі Убарць, Сцвіга, Гарынь. Акрамя гэтага, ён яшчэ і завадатар усіх культурна-масавых мерапрыемстваў.
А Васіль Вашкоў у момант свайго свабоднага часу (ён дзяжурыць па графіку) не можа прапусціць ніводнага спартыўнага мерапрыемства.
Механа-тэхнічную службу ўзначальвае Валерый Чорны, чалавек адказны не толькі за сябе, але за ўсё, што ляжыць на яго плячах. На аб’ектах пад яго кіраўніцтвам маецца вялікая колькасць складанай тэхнікі, у тым ліку замежнай, якая патрабуе глыбокіх тэхнічных ведаў. Праца абсталявання без збояў на працягу многіх год як мага найлепш характарызуе службу МТС. Такія ж адказныя і выканаўцы на гэтай службе, ды яшчэ і актыўныя ўдзельнікі ўсіх культурна-масавых мерапрыемстваў Уладзімір Блоцкі, Уладзімір Маркевіч, Васіль Гардзейчык і другія.
Сувязь тут на высокім узроўні, абсталяванне сучаснае. Магістральныя кабелі, НУПы абслугоўваюць лінейны інжынер Уладзімір Лузай з такімі цудоўнымі працаўнікамі як Міхаіл Кошман, Іван Леўкавец, Міхаіл Курбан, Уладзімір Марусіч. А службу сувязі НПС узначальвае Міхаіл Ляшкевіч.
Кожны год тут праводзяцца конкурсы “Лепшы па прафесіі”. І неаднаразова першыя месцы займаў Міхаіл Кошман. Добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі Сяргей Шут, Аляксандр Ясенавец.
Сярод аператараў, а гэта ключавая фігура па перапампоўванню нафты, можна выдзеліць ветэранаў Сяргея Вашкова і Васіля Блоцкага, сярод моладзі – Аляксандра Таболіча і Мікалая Носку. Нельга не сказаць і пра Івана Пашэвіча і Ігара Дземянкова.
Сваёю працай начальнік адпаведнай службы Ігар Гурын, манцёр Юрый Радзівонаў, вадзіцель Леанід Янкоўскі прадоўжваюць тэрмін “жыцця” ўсіх металічных збудаванняў нафтапровада на працягу яго 100 кіламетраў. Калі ж такі доўгі тэрмін, то добра працуе і служба.
Ёсць на НПС гаспадарчая служба, якой кіруе Сяргей Ерамейчык. Працаўнікі займаюцца не толькі кветкамі, травою-муравою і снегам, а і ўсімі збудаваннямі. А яны выглядаюць цудоўна! Таму што за імі ідзе ўсебаковы догляд з боку такіх працаўнікоў як Іван Акуліч, Уладзімір Прахарэнка, Наталля Волкава, Аліна Гананайка, Раіса Гананайка, Віталь Горб, Уладзімір Рыдзецкі. Хто б ні прыехаў на станцыю, той ад’язджае адсюль з добрым настроем.
Ва ўсім наваколлі добрай славай карыстаецца мясцовая сталовая. І тут прэба адзначыць нашых Алу Клакоцкую, Людмілу Кучмарову, Аксану Госць, Святлану Дарошка, Жанну Блоцкую. Заўсёды яны сустрэнуць добрай усмешкай, смачна прыгатаванай ежай і праводзяць з добрым настроем.
На НПС ёсць два чалавекі, якім “пашанцавала” панюхаць пораху. Гэта Васіль Яфімавіч Дарошка і Мацвей Сцяпанавіч Блоцкі. Яны ў нас заўсёды ў пашане.
У нас маецца калектыў мастацкай самадзейнасці, які ўзначальвае Віктар Калоська. Неаднаразова на розных аглядах займаў ён прызавыя месцы.
Штогадовыя турслёты сярод калектываў філіялаў ААТ “Гомельтранснафта “Дружба” праводзяцца на возеры Белае нашага раёна. Гэты год таксама не быў выключэннем, было ўсё на высокім узроўні. Калектыў НПС, які выступаў у розных абавязковых конкурсах, заняў першае месца.
Ад усёй душы віншую родны калектыў, усіх сваіх калег са святам працаўнікоў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Жадаю безаварыйнай працы. А таксама моцнага здароўя і ўсяго добрага ім і іх сем’ям.
У. ЗЯМЛЯНІК,
адказны за інфармацыйную работу нафтаперапампоўваючай станцыі “Тураў”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.