“Сваты” падарылі свята
Нядаўна са сваёй канцэртнай праграмай да нас завітаў народны ансамбль народнай песні “Сваты”. Як хораша і прыемна было слухаць іх выступленне! Яркае, самабытнае відовішча.
Песенны рэпертуар ансамбля вельмі разнастайны: гэта і жартоўныя песні, і лірычныя, і пра каханне, а таксама песні сучасных кампазітараў у апрацоўцы Галіны Несцяровіч.
Вельмі ўразіла слухачоў песня “Жыткавіцкі край” у выкананні дуэта Валянціны Лузан і Раісы Мартыноўскай, бо напісала яе наша зямлячка Галіна Лыкава. Калі песня загучала то між волі ўяўна ўзніклі перад вачыма краявіды роднага краю, яго непаўторнасць і хараство.
Удзельнікі ансамбля – вельмі таленавітыя людзі, якіх яднае любоў да роднай песні. Чаго толькі варта адна яго салістка – дырэктар цэнтра фальклору Ганна Лой. Яна нібы “гаворыць” гукамі песні –- так бывае, калі чалавек спявае сэрцам. У ансамблі Ганна Пятроўна і запявала, і падгалосак. Гэта жанчына валодае ім з жаночым хараством. Вельмі прыгожым і адметнага тэмбру голасам дапаўняе ансамбль яго кіраўнік –- Васіль Каралец. Яго цудоўнае майстэрства надае калектыву асабліва гарманічнае гучанне. Мабыць, няма такога музычнага інструмента, якім бы не валодаў гэты таленавіты чалавек, а яшчэ да ўсяго –- ён сам вядзе праграму канцэрта і з такім імпэтам аб’яўляе наступны нумар, што пазайздросціць любы канферансье. Праграма канцэрта працягвалася амаль паўтары гадзіны. Песні ў выкананні ўсяго гурта змяняліся дуэтамі, трыо, сольнымі песнямі, ну і, канешне, гумарэскамі і вясковым жартам у непаўторным выкананні Ганны Лой і Любові Варановіч. Не дзіва, што ансамбль “Сваты” вядомы не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі, бо песні ў яго выкананні падымаюць настрой, кранаюць душу і сэрца. Усе яго ўдзельнікі з’яўляюцца сапраўднымі носьбітамі народнага фальклору.
В. УКРАЖЭНКА, кіраўнік узорнага дзіцячага калектыва “Ералаш” Чырванаборскага СДК.