Пуціна фінішавала
Вытворчая база доследнага рыбгаса “Белае” налічвае 108 сажалак розных катэгорый агульнай плошчай 1720 гектараў. Па гэтаму асноўнаму паказчыку гаспадарка займае першае месца ў Гомельскай вобласці і пятае ў рэспубліцы. Працуюць два інкубацыйныя цэхі, жыварыбная гаспадарка, машынна-трактарны парк. Таму і аддача “блакітнай нівы” тут штогод адчувальная.
Не выключэннем стаў і гэты сезон, які нядаўна фінішаваў на чацвёртай вырасной сажалцы, бо нагульныя сажалкі былі аблоўлены раней. Пуціна, якая сёлета прайшла ў сціслыя тэрміны, сабрала “ўраджай” у 881 тону таварнай рыбы — на 4 тоны больш леташняга. У кастрычніку да стала спажыўцоў Гомеля і нашай вобласці яе было рэалізавана 103 тоны, на сярэдзіну лістапада — звыш 60 тон.
Традыцыйны беларускі карп ў відавой структуры рыб тут займае 85 працэнтаў. Вырошчваюцца таксама карась, сом, шчупак, лінь, белы амур, таўсталобік. Дарэчы, у сёлетнім сезоне за перыяд іх вырошчвання была дасягнута вялікая эканомія і максімальная аддача кожнага кілаграма канцэнтраваных кармоў.
С. КУЛАКЕВІЧ.