Нашы песні ад маці
“Першыя нашы словы і першыя песні — ад маці. Нават тады, калі было вельмі цяжка, спявала маці і плакала. Дзесьці грымела вайна, лілася кроў, а маці, схіліўшыся над калыскай, спявала-плакала: “Пасею гурочкі ў чатыры радочкі, не бачыла міленькага чатыры гадочкі”. У тыя далёкія пасляваенныя гады маці спявала разам з жанчынамі, ідучы на працу, працуючы, вяртаючыся дадому. І песня дапамагала жыць, працаваць, гадаваць дзяцей, марыць аб светлым будучым”, — гэтыя словы я пачула ад Таццяны Мікалаеўны Купрацэвіч, удзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Пухаўчанка”. Дзівосна, захапляюча спяваюць жанчынкі, удзельніцы гэтага самадзейнага калектыва, чаруючы гледачоў самабытнымі народнымі песнямі і танцамі. Яны выклікаюць захапленне, радасць і ўдзячнасць.
У калектыве жанчыны рознага ўзросту, розных прафесій, якіх з’ядноўвае любоў да сваёй спадчыны і вялікая цяга да творчага самавыяўлення. Не адзін дзесятак гадоў тут спяваюць Надзея Іванаўна Папок, Таццяна Мікалаеўна Купрацэвіч, Тамара Трафімаўна Макарэвіч, Таццяна Пятроўна Шараевіч, Таццяна Эдуардаўна Купрацэвіч, Ганна Емяльянаўна Давыдовіч, Марыя Міхайлаўна Купрацэвіч, Ірына Данілаўна Боган, Зоя Адамаўна Купрацэвіч і іншыя. Гэтыя жанчыны не толькі спявачкі, але і вялікія рукадзельніцы. Сваімі рукамі кожная здольна сшыць і расшыць сабе сцэнічны касцюм. Менавіта ў такую вопратку ў даўніну апраналіся жанчыны палескіх вёсак, калі ішлі на свята.
Самая старэйшая ўдзельніца гурта “Пухаўчанка” Надзея Іванаўна Папок, якая ў студзені бягучага года ўрачыста адзначыла сваё 85-годдзе. Шмат віншаванняў гучала ў адрас спявачкі. Нарадзілася яна ў вёсцы Бялёў у простай сялянскай сям’і. Змалку дапамагала маці па гаспадарцы і спявала. Ад бабулі і маці дзяўчына пераняла старадаўнія песні і прыгожы голас. Хутка ішлі гады. Надзея закончыла сямігодку і ў 1939 годзе паступіла вучыцца ў Мазырскае педвучылішча. Першы курс закончыла паспяхова, на другім патрэбна было плаціць за навучанне. Некаторыя яе аднакурснікі пакінулі вучобу, таму што бацькі не змаглі плаціць за навучанне. Маці Надзеі, Матруна Маісееўна, вельмі хацела, каб яе дачушка атрымала адукацыю. Яна рабіла ўсё магчымае, каб сабраць грошы на вучобу. І Надзея Іванаўна закончыла педвучылішча ў 1941 годзе.
Усё жыццё памятае яна дзень 22 чэрвеня. Яны здавалі апошні дзяржаўны экзамен. Нямецкія самалёты бамбілі горад, мост праз Прыпяць. Было страшна. Дырэктар педвучылішча павіншаваў выпускнікоў і сказаў на развітанне, хто будзе жыць, той ніколі не забудзе гэты дзень. Так яно і сталася.
Свой працоўны шлях Надзея Іванаўна пачала пасля вызвалення раёна. Больш за 40 гадоў яна працавала ў школе. Вучыла дзяцей, разам з імі спявала. А вечарамі спявала ў клубе з дарослымі ў самадзейнасці.
Са сваім мужам Мікалаем Андрэевічам яны жывуць ужо 60 гадоў, выгадавалі чатырох дзяцей. Надзея Іванаўна ўспамінае, што ў цёплыя вечары яны з суседкамі Купрацэвіч Таццянай Мікалаеўнай і Машэравай Вольгай Мікалаеўнай сядзелі на лаўцы ля вогнішча і спявалі. Цяжкімі былі тыя часы, галоднымі, а яны спявалі, радавалі песнямі наваколле. І станавілася ад тых песень лягчэй на душы. Няма цяпер Вольгі Мікалаеўны, а памяць пра яе жыве.
З 1954 года Надзея Іванаўна была мастацкім кіраўніком гурта “Пухаўчанка”. Спявалі старадаўнія народныя песні сваёй мясцовасці, каляндарныя і сямейна-абрадавыя. Візітнай карткай гурта стала беларуская народная песня “А каліна — не вярба”. Выступалі на раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах, на тэлебачанні. Атрымалі званне “народнага” і не адзін раз абаранялі яго. Толькі апошнія некалькі гадоў кіруе гуртом Ніна Міхайлаўна Купрацэвіч, Надзея Іванаўна з другімі жанчынамі спявае.
Надзея Іванаўна карыстаецца любоўю і павагай сярод сваіх аднавяскоўцаў, былых выпускнікоў. Яе вучаніца Людміла Грыцук з павагай і цеплынёй гаворыць аб сваёй настаўніцы, што ёсць і яе заслуга ў тым, што Людміла прымае ўдзел у творчых вечарах.
На маё пытанне, якіх людзей вы часцей сустракаеце на жыццёвым шляху, Надзея Іванаўна адказала:
— Добрых, спагадлівых, вясёлых, працавітых. Няма дрэнных людзей. Трэба сябе так паводзіць, каб субяседнік глядзеў на ўсё добрымі вачыма.
Надзея Іванаўна любіць народныя песні, традыцыі і абрады. Ад сваіх бацькоў яна навучылася народным песням і перадае гэтыя веды маладым. “Я вучылася ў яе спяваць, як данесці настрой песні да гледача, як наладзіць кантакт з аўдыторыяй, як згуртаваць калектыў”, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна Яўлаш, дырэктар Жыткавіцкага РДК і кіраўнік народнага ансамбля “Жытніца”.
Есць жанчыны ў вёсцы Пухавічы, пра якіх хочацца гаварыць добрыя словы, браць з іх прыклад. Яны іх заслужылі працавітасцю, стараннем, уменнем быць карыснымі для сваіх сем’яў і грамадства, а таксама сваёй творчай натурай. Гэтыя словы пра Надзею Іванаўну і ўдзельнікаў гурта “Пухаўчанка”.
Малайцы! Дай Вам Бог здароўя на доўгія гады і новых песень нам усім на радасць!
Я. СЦЯПАНАВА.