За антысанітарыю — да адказнасці
Месячнік па навядзенні парадку і чысціні ў населеных пунктах раёна дапамагае ў гэтай дзейнасці вырашыць нямала пытанняў.
Разам з тым, праведзены па вёсках рэйд пад началам старшыні райсавета Ніны Рамановіч і намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Рагалевіча з кіраўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, землеўпарадкавальнай службы і экалагічнай інспекцыі паказаў, што працы па добраўпарадкаванні яшчэ трэба зрабіць нямала.
У цэнтры ўвагі рэйдавай групы на гэты раз былі населеныя пункты Рычоўскага і Верасніцкага сельскіх і Тураўскага гарадскога Саветаў. Іх кіраўнікі паказвалі, што на адміністрацыйных тэрыторыях зроблена за час месячніка. Кожнаму старшыні прадэманстраваць сапраўды было што.
Ачышчаныя ад хмызняку мясціны, пахаваныя пасля зносу старых будынін падмуркі, устаноўленыя і пафарбаваныя новыя агароджы. Актыўную дапамогу сельвыканкамам падчас месячніка аказвалі многія мясцовыя арганізацыі і ўстановы. На добраўпарадкаванні за гэты час папрацавалі амаль тры тысячы чалавек, было задзейнічана больш за дзвесце адзінак тэхнікі. Сумеснымі намаганнямі за час месячніка ўстанавілі больш за тры тысячы метраў новых агароджаў, 2406 метраў іх пафарбавана. З вясковых вуліц знесены 52 старыя будынкі, рэкульцівіравана больш 19 гектараў зямель. Па самаабкладанні насельніцтвам сабрана на справу добраўпарадкавання і ахвяравана больш за трыццаць дзевяць мільёнаў рублёў.
На жаль, яшчэ не ўсе вяскоўцы пранікліся важнасцю такой працы. Красамоўных прыкладаў, калі людзі не клапоцяцца пра чысціню ля сваіх сядзіб, яшчэ дастаткова. Мясцовы прадпрымальнік з Хільчыц ператварыў цэнтр вёскі ў склад: навідавоку злажыў дровы, будаўнічыя матэрыялы і іншыя гаспадарчыя прадметы. Не вельмі клапоціцца пра добраўпарадкаванасць свайго падворка і работніца Сямурадскага клуба. Такія адрасы бяздзейнасці і безгаспадарчасці маюцца і на вуліцах Малешава, Вароніна, Турава і іншых вёсак. Гэта сведчыць аб тым, што і раённым службам, і кіраўнікам сельвыканкамаў ёсць яшчэ над чым працаваць у плане навядзення парадку. І гэтая справа патрабуе сумесных дзеянняў, каб кожны жыхар зразумеў: жыць у чысціні і парадку становіцца жалезным правілам, а за развядзенне антысанітарыі наступіць жорсткае пакаранне.
Сяргей БЕЛКА.