«Наша школа маладая, пяцьдзесят ёй толькі год!..»
Аляксандр Фралоў, доктар біялагічных навук і кандыдат тэхнічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, дыпламат Валянцін Рыбакоў, намеснік міністра юстыцыі Аляксандр Сіманаў, кандыдат эканамічных навук, рэктар гуманітарна-эканамічнага універсітэта Аляксандр Алпееў, спявак Васіль Ліфанаў, двухразовы чэмпіён Еўропы, неаднаразовы чэмпіён Беларусі па цяжкай атлетыцы Уладзімір Галавач, кіраўнік справамі Прэзідэнта Беларусі Мікалай Дамашкевіч, галоўны саветнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Сяргей Хільман, начальнік аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама Ганна Лукашэвіч, чэмпіён свету па гіравому спорту Аляксей Юзюк, дырэктар школы №2 Уладзімір Фіцнер і дырэктар гімназіі Людміла Катвіцкая… Што можа звязваць гэтых людзей, вядомых у рэспубліцы і за яе межамі, у вобласці і раёне?
Адказ на гэтае пытанне я знайшоў надоечы. Аказваецца, усе гэтыя выбітныя асобы ў розныя часы вучыліся ў Жыткавічах, магчыма, сустракаліся не аднойчы на школьным ганку ці нават у класе сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №1 райцэнтра. Шкада, што былыя выпускнікі, якія атрымалі пуцёўку ў дарослае жыццё менавіта тут, не ўсе здолелі гэтым лістападаўскім суботнім надвячоркам завітаць у школьную святліцу. А іх, як і ўсіх 3246 выпускнікоў навучальнай установы, сённяшні калектыў запрасіў на залаты юбілей. Менавіта ж 28 лістапада школе споўнілася 50, а будынку, у якім яна размяшчаецца зараз -– 40 гадоў. З гэтай важнай нагоды тут наладзілі сапраўдны фэст!
Праграма юбілейнай вечарыны прапаноўвала наведванне выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, агляд выставы старых фотаздымкаў, працу “Вялікага перапынку” ( працаваў фотасалон і радыёсалон, дзе арганізатары вялі запіс голасу выпускніка на памяць школе), акцыю для выпускнікоў “Наведай любімыя кабінеты школы”, спартыўныя мерапрыемствы ў нядаўна адрамантаванай спартыўнай зале (выступленні вучняў, якія займаюцца гіравым спортам, спаборніцтвы па валейболу паміж цяперашнімі і выпускнікамі мінулых гадоў, розныя турніры). Але ж галоўная “ізюмінка” юбілею ладзілася ў рэкрэацыі трэцяга паверха – тут адбылася ўрачыстая частка свята…
Арганізатары паспрабавалі завалодаць увагу былых выпускнікоў, ганаровых гасцей, сённяшніх педагогаў і вучняў тэатралізаваным прадстаўленнем. У якім дасціпна спалучыліся элементы афіцыйнасці з мультымедыйнай прэзентацыяй ( якая і “раскрыла” сакрэты гісторыі і сённяшняга дня школы), і звычайнага “капусніка” з розыгрышамі, танцамі, вершаванымі радкамі, прывітаннямі, віншаваннямі, казачнымі персанажамі і нават… гаданнем па-цыганску. І, адначасова, пераканаць: тут ведаюць і дбаюць сваю гісторыю, шануюць ветэранаў працы, радуюцца поспехам сваіх выпускнікоў, спрыяюць, як і дзесяткі гадоў таму, рознабаковаму развіццю вучня.
Ад імя кіраўніцтва школы прысутных на свяце прывітала дырэктар навучальнай установы Алена Птушко. Кіраўнік выказала падзяку найперш ветэранам і калегам за нялёгкую працу, павіншавала са святам усіх, хто спрычыніўся да юбілею школы, хто вучыўся ў яе сценах і прыйшоў на юбілейную сустрэчу. Яна зачытала ўрадавую тэлеграму, якую даслаў былы выпускнік, кіраўнік справамі Прэзідэнта Мікалай Дамашкевіч, агучыла шэраг прывітальных адрасоў і святочных тэлеграм, якія ў шматлікай колькасці прыйшлі на адрас школы.
16 гадоў працаваў дырэктарам школы Валерый Барысавіч Кошман. У сваім выступленні ён згадаў, як нялёгка прыходзілася працаваць у 80-я гады. Асабліва яму, самаму маладому члену калектыву і ўжо кіраўніку. Але побач былі старанныя паплечнікі, як Уладзімір Сяргеевіч Голад, які працаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы. Хораша згадвалася, як дапамагалі “дабудоўваць” кабінеты ў школе, дзе навучалася звыш паўтары тысячы вучняў, кіраўнікі саўгаса “Чырвоны Бор” І.Рэзнік. Першая цяпліца, дзе вырошчваліся, у якасці эксперыменту японскія гуркі памерам да паўтара метра, лепшы ў вобласці кабінет прафарыентацыі, куды прыязджалі экскурсіі адусюль. Гэта ўсё гісторыя школы, гэта ўсё -– выдатныя справы і перамогі дзеля паляпшэння навучальнага працэсу, яго выніковасці. Стварэнне гімназічных класаў прывяло да з’яўлення на базе школы паўнацэннай гімназіі, якая набыла тут станаўленне і пры атрыманні ўласнай базы пераехала на новае месца. На думку ветэрана працы, такое развіццё павінна быць, бо час не стаіць на месцы. А калектыву школы трэба працаваць далей -– першага верасня штогод у школу прыйдуць зноў першакласнікі…
Шмат цёплых віншаванняў, успамінаў прагучала на юбілейнай вечарыне ( выступілі У.С. Голад, які працаваў доўгія гады намеснікам дырэктара, У.А. Фіцнер, выпускнік, кіраўнік суседняй школы №2, выпусніца, начальнік аддзела адукацыі Ганна Лукашэвіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі П.І. Кальцоў). Былі і падарункі. Былі і кветкі.
Нельга не згадаць сапраўды шчымлівы момант, калі выступала ад імя бацькоў С.І. Міронава. Святлана Іванаўна закончыла САШ №1 і сюды прывяла, нягледзячы што жыве ў іншым мікрараёне, свайго першакласніка-сына. І аддала “у рукі” сваёй першай настаўніцы -– Надзеі Міхайлаўны Дубновай. У надзейныя рукі, як маці, бабулі. Таму, па яе словах, не магла не выказаць самыя цёплыя словы падзякі і пажаданні сваёй настаўніцы, усяму калектыву школы, які, на яе думку, таленавіты ва ўсім. Што ж, справядлівая заўвага! Не магло б быць іначай, бо кіруе ім адораны спецыяліст. Яркі момант ўрачыстай часткі – Алена Птушко выступіла ў ролі чытальніка, на памяць чытала палымяныя вершаваныя радкі, якія былі да месца і прысвячаліся тым, хто не прыйдзе да нас ніколі -– як педагогам, так і выпускнікам…
Шмат паважлівых цёплых слоў давялося пачуць на свяце ў адрас не толькі былых кіраўнікоў, але і прысутных ветэранаў-настаўнікаў М.І. Голад, Н.М. Дубновай, Н.Ф. Цырыбка, Н.Ф. Грамыка, Л.А. Бандзюк, В.М. Кошман, В.М. Сівенка і іншых, а таксама цяперашніх педагогаў.
Трэба сказаць, што педагагічны калектыў школы -– высокапрафесійны. Амаль палову педагогаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. 11 з іх з асаблівай любоўю пераступаюць штодня парог школы, бо яны тут былі вучнямі. Калектыў не толькі добра спраўляецца са сваімі непасрэднымі абавязкамі -– навучанне і выхаванне дзяцей, але і добра ўмее ладзіць свой вольны час. Выступленне ж на свяце вакальнага ансамбля, у складзе якога педагогі і кіраўнік школы, яскравае пацвярджэнне сказанаму.
Нельга не падкрэсліць: з асаблівым хваляваннем рыхтаваліся да школьнага юбілею дзеці -– ад першакласнікаў да выпускнікоў. Увогуле, уся канцэртная праграма, якая, яшчэ раз падкрэслім, вызначалася неблагой тэатралізацыяй, спадабалася прысутным. Яе добра правялі настаўнікі Валянціна Драбышэўская і Віктар Кудзелька са сваімі юнымі памочнікамі. А завяршыўся ўрачысты вечар, як і належыць: на сцэне з’явіўся святочны торт, які зіхацеў агнямі. Іх затушылі сённяшні і былы дырэктары школы. Да наступнага юбілею. А агонь ведаў будзе гарэць у гэтай установе, якая да свайго юбілею, змяніла свой і фасадны “партрэт”, яшчэ шмат дзесяцігоддзяў.
З гісторыі школы
Першыя дзесяць гадоў, пачынаючы з 1 верасня 1959 года, Жыткавіцкая беларуская сярэдняя школа №1 размяшчалася ў корпусе, дзе цяпер знаходзіцца САШ №2 райцэнтра. У гэты час яе ўзначальвалі Рыгор Туравец, Уладзімір Краўцоў, Аляксей Трыбуналаў, Барыс Салышка. Да 1 верасня 1969 года па вуліцы Сацыялістычная быў адбудаваны новы будынак, і сюды была пераведзена школа №1, а ў старым корпусе арганізавана сярэдняя школа №2: з ростам горада ўзнікла рэальная неабходнасць павелічэння навучальных устаноў. Дзмітрый Лапацін узначаліў калектыў на новым месцы. Затым кіраўнікамі працавалі Валерый Кошман, Леанід Юшкевіч, Аляксандр Ліхота, Ганна Мікалаенка. З 1998 года калектыў зноў узначаліў Валерый Кошман, а ў 2006 годзе – Алена Птушко. За першыя дзесяць гадоў працы школа выпусціла 657 выпускнікоў, 5 атрымалі залатыя, а 22 -– сярэбраныя медалі. З 1969 па 1979-ы год школу закончылі 1069 вучняў, з іх 23 узнагароджаны 23 залатымі медалямі. З 80-га па 89-ы год са школы ў дарослае жыццё выйшлі 702 выпускнікі, 17 атрымалі залатыя і 13 сярэбраныя медалі. З 1990 па 1999 год з роднай школай развіталіся 700 вучняў: 28 атрымалі залатыя медалі, 45 -– сярэбраныя. З 2000 па 2009 год атрымалі атэстаты 775 выпускнікоў, з іх 9 узнагароджаны залатымі, 16 сярэбранымі ўзнагародамі.
У.ГАЎРЫЛОВІЧ, “НП”.