Завяршыўся Жыткавіцкі раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

275Сёлета ў ім прынялі ўдзел 272 школьнікі з 28 навучальных устаноў Жыткаўшчыны і ліцэя.

Нягледзячы на тое, што старшакласнікаў сёлета ў першым этапе інтэлектуальнага спаборніцтва прыняло ўдзел меней чым у мінулым годзе, але вось якасны ўзровень ведаў іх значна павысіўся. Аб гэтым сведчыць і колькасць заваяваных на раённым этапе алімпіяды дыпломаў. У гэтым годзе па яго выніках імі адзначаны 71 школьнік, летась такіх было толькі 49.

Падрыхтаванасць школьнікаў раёна на першым этапе рэспубліканскай алімпіяды ацэнена дзевяццю дыпломамі першай ступені, сямнаццацю — другой і сарака пяццю — трэцяй. Традыцыйна выдатныя веды ў гэтым інтэлектуальным саперніцтве паказалі навучэнцы гарадской гімназіі, сярэдніх школ №№2 і 3 райцэнтра і Чырвоненскай школы. Напрыклад, у гімназістаў сёлета тры ўзнагароды вышэйшай вартасці, столькі ж і ў выхаванцаў трэцяй гарадской школы, дзве — ў старшакласнікаў Чырвоненскай СШ і адна — ў вучняў СШ №2 г. Жыткавічы імя А. Галавача.

Найбольшую колькасць дыпломаў першай ступені школьнікі Жыткаўшчыны на першым этапе алімпіяды заваявалі па такіх прадметах, як абслугоўваючая і тэхнічная праца. У гэтых дысцыплінах выдатныя веды адпаведна прадэманстравалі гімназістка Дар’я Быхан, а таксама Дар’я Блоцкая з СШ №3 райцэнтра, Барыс Казеня з гэтай жа школы і Герман Самайловіч з СШ №2 райцэнтра. Усе яны навучэнцы дзевятых класаў. Таксама дыпломамі першай ступені адзначаны здольнасці адзінаццацікласніцы Эльвіры Макарэвіч па нямецкай мове і васьмікласніцы Аляксандры Макарэвіч па інфарматыцы (Чырвоненская СШ), васьмікласніка Рамана Танчынскага па матэматыцы і вучаніцы 11 класа Наталлі Страх па беларускай мове (гарадская гімназія), а таксама навучэнца восьмага класа Ільі Гулюты па матэматыцы з СШ №3 райцэнтра.

Усяго дыпламантамі раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды сталі навучэнцы 17 устаноў адукацыі.
Цяпер лепшыя алімпійцы раёна грунтоўна рыхтуюцца да ўдзелу ў абласным этапе інтэлектуальнага спаборніцтва, якое пройдзе ў наступным годзе з 13 па 17 студзеня. Мяркуецца, што ў ім паўдзельнічае 41 школьнік з Жыткаўшчыны.

Сяргей МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.