Павялічваюцца запасы арганікі
Актыўна займаюцца ў гэтыя дні працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” вывазкай на палеткі арганічных угнаенняў. З улікам пераходнага іх запасу пад будучую сяўбу вясной ужо накоплена амаль сто тысяч тон.
Толькі за бягучую зіму механізатарам сельгаспрадпрыемства неабходна вывезці на палі больш за сто дваццаць тысяч тон гною. Каб паспяхова справіцца з такім аб’ёмам, кіраўніцтвам гаспадаркі прыцягнуты і адпаведныя матэрыяльныя рэсурсы. На гэтым участку працуе на цяперашні час два механізаваныя атрады. У склад кожнага з іх уваходзіць магутны пагрузчык і з паўдзясятка адзінак тэхнікі для перавозкі. Таму і не залежваецца гной на грамадскіх фермах таварыства. Тым больш што паспяховай рабоце механізаваных атрадаў спрыяе і надвор’е. А таксама праца механізатараў Віктара Птушко і Віктара Семыкіна, якія непасрэдна вядуць гноевыдаленне з фермскіх памяшканняў. Дарэчы, гэты ўчастак “трасы ўрадлівасці” кіраўніцтва гаспадаркі пастаралася сёлета значна ўмацаваць тэхнічна, закупіўшы новы сучасны пагрузчык. Не займаць стараннасці і механізатарам, якія працуюць на пагрузцы і вывазцы арганікі. Добры плён у працы забяспечваюць такія земляробы як Іван Кажаноўскі, Васіль Жыганюк, Сяргей Самцоў і іншыя. Сумеснымі намаганнямі механізаваных атрадаў, лічы, штодня запасы арганічных угнаенняў павялічваюцца на палетках таварыства на тысячу і болей тон. Усяго ж вытворчае заданне па вывазцы арганікі мясцовымі механізатарамі выканана ўжо больш чым напалову.