Колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва ў нашай краіне паменшылася
Колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва ў нашай краіне летась зменшылася на 1,3% у параўнанні з 2012 годам і склала 4 517 800 чалавек. Пра гэта «Звяздзе» паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Колькасць звольненых работнікаў у снежні 2013 года перавысіла колькасць прынятых на 11,5 тыс. чалавек (у снежні 2012 года — на 9 тыс. чалавек). Каэфіцыент замяшчэння работнікаў (адносіны колькасці прынятых да колькасці звольненых) склаў 0,832 (у снежні 2012 года — 0,857).
Так, усяго па рэспубліцы ў снежні 2013 года было прынята на працу 57,2 тыс. чалавек, у тым ліку на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы — 3,6 тыс. чалавек. Звольнена па розных прычынах 68,7 тыс. чалавек. З іх 7,3% былі звольнены за прагул і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны, 2,8% — у сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў, ліквідацыяй арганізацый.
Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец снежня 2013 года, як і на канец снежня 2012 года, склаў 0,5% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.