О газете

Для людзей і з людзьмі — такі лейтматыў нашай газеты, якая на працягу шмат год імкнецца дайсці да сэрца кожнага чытача, прымусіць яго задумацца над той ці іншай сітуацыяй, прыняць рашэнне не толькі ў думках – у жыцці. І ўвесь гэты вялікі перыяд газета  не змяняла  свайму крэда: усё, што ёсць у жыцці, мае права мець месца на газетнай паласе.  У выніку сабраны дзясяткі вялізных тамоў летапісу Жыткаўшчыны — гэта ўнікальная спадчына, якая стваралася многімі пакаленнямі журналістаў, іх добраахвотнымі памочнікамі-селькорамі, няштатнымі карэспандэнтамі. Вялікая спадчына. Нібы ў люстэрку яна адбівае ўсю шматграннасць жыцця раёна.

“Прымежны камунар”. Так на зары свайго заснавання называлася наша сённяшняя раёнка. 1931 год. Жыткавіцкі раён – прымежны. Непадалёк – па Случы – тэрыторыя Польшчы. Гэта наклала адбітак на ўсё жыццё ў раёне. Зразумела, прымежны стан раёна адбіўся на змесце  раённай газеты, якую рэдагаваў з першага дня нехта Хацкевіч. У Тураўскім краязнаўчым музеі  сёння беражліва захоўваюцца фотакопіі чацвёртага і пятага нумароў газеты. Чацвёрты мы сёння перадрукавалі ў падарунак чытачам. Гэтыя нумары выйшлі ў свет у сакавіку 1931 года. Першыя ж  тры не захаваліся. Пошукі іх вынікаў не далі — з архіваў Беларусі і Расіі прыслалі ў рэдакцыю адмоўныя паведамленні.


Старый и новый дизайн сайта palesenews.by

Відавочна, першы нумар сваёй раённай газеты працаўнікі прыгранічнай Жыткаўшчыны атрымалі ў халодным лютым. Свой шлях газета пачынала ў сапраўды суровы час — ішла калектывізацыя, вялася ўпартая барацьба супраць кулацтва і іншых варожых элементаў. Газета стала баявым памочнікам партыі, здольным паслядоўна даводзіць да свядомасці сялянства перавагі калектыўнай працы, змагалася за ўмацаванне калгаснага ладу, шырока прапагандавала тыя новыя, больш якасныя змены, якія праходзілі ў вёсцы. На яе старонках выступалі камуністы і камсамольцы. Яны расказвалі аб тым, як праходзіць калектывізацыя, з якімі даводзіцца сустракацца цяжкасцямі, раскрывалі шляхі іх перадолення, не праходзілі і міма недахопаў. На іх вострае пяро траплялі сабатажнікі, нераспарадчыя гаспадары, прыхільнікі “нацдэмаўшчыны і апартунізму”.

Газета “Прымежны камунар” – прабацька сённяшняга нашага “Новага Палесся” — выходзіла да 1939 года. Пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь яна атрымала новую назву —”Ленінскі шлях”. Газета адпавядала патрабаванням свайго часу, асвятляла тыя падзеі, што разгортваліся на нашай роднай Жыткаўшчыне. Сваім друкаваным словам выданне заклікала людзей на паспяховае выкананне планаў першых пяцігодак, умацаванне Радзімы, узнімала на сваіх старонках хвалюючыя праблемы, пісала аб іх простай мовай, зразумелай рабочым  і сялянам.

У гады Вялікай Айчыннай вайны, у перыяд акупацыі Жыткаўшчыны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, газета вымушана была спыніць сваё існаванне. У ліпені 1944 года раён быў вызвалены, і ў кастрычніку гэтага ж года выйшаў першы пасляваенны нумар “Ленінскага шляху”. У цяжкія пасляваенныя гады раёнка натхняла працоўных Жыткавіцкага раёна на ўзнаўленне разбуранай фашысцкімі захопнікамі народнай гаспадаркі, гарадскога пасёлка, спаленых вёсак, прапагандавала лепшыя ўзоры працы, цёпла пісала аб людзях. У красавіку 1962 года, у сувязі з рэарганізацыяй партыйнага кіраўніцтва, газета стала міжраённай і атрымала назву “Новае Палессе”, а праз год ёй зноў быў вернуты статус раённай. Аднак тагачасныя рэарганізацыйныя меры ні ў якай ступені не зменшылі цікавасць чытачоў да газеты: яе тыраж узрастаў, а журналісты заўсёды былі ў гушчыні жыцця, імкнуліся паказаць самаадданую працу простага чалавека, духоўную веліч асобы, вялі непрымірымую барацьбу з недахопамі на месцах.

Шмат творцаў прайшло праз лёс выдання, і лёс газеты не раз станавіўся лёсам саміх журналістаў. У гэты час у калектыве рэдакцыі выхавалася цэлая плеяда прафесійных журналістаў, пісьменнікаў, кіруючых кадраў. Нават цэлыя сямейныя журналісцкія дынастыі выхавала наша газета (нашы землякі: В. Лоўгач працаваў 28 гадоў рэдактарам Акцябрскай газеты “Чырвоны Кастрычнік”, М. Лоўгач — зараз працуе адказным сакратаром гэтай газеты, В. Лоўгач — супрацоўнік Беларускага тэлеграфнага агенцтва — мы ганарымся, што ўсе ў свой час пачыналі ці працавалі ў “раёнцы”). Яшчэ адзін наш зямляк, Мікалай Чэчка, які пачынаў шлях газетчыка ў “Новым Палессі” — працаваў рэдактарам “раёнкі” ў Буда-Кашалёве, і ўсё сваё жыццё прысвяціў ёй… Мы ганарымся, што некалі пачынаў з допісаў у “раёнку” вядомы сёння журналіст і пісьменнік В. Феранц, што з літаратурных старонак нашай газеты выйшлі на сталы шлях прафесійнай літаратуры празаік М. Гамолка,  паэтка Г. Дашкевіч…

У 1965 годзе раёнку ўзначаліў Іван Фёдаравіч Карповіч. Выдатны журналіст, арганізатар і гаспадарнік, ён шмат зрабіў для станаўлення, згуртавання журналісцкага калектыву, стараўся, каб газета стала бліжэйшай, цікавейшай сваім чытачам. Менавіта І. Карповіч дамогся, каб быў пабудаваны сённяшні будынак рэдакцыі, а журналісты займелі выдатныя ўмовы для творчасці. А дапамагала яму ў гэтым галоўны бухгалтар Людміла Васільеўна Кіцура.

Нельга не згадаць Вольгу Сямёнаўну Чысцякову, якая больш чатырох дзесяткаў год аддала працы ў нашай газеце, і сёння стараецца нам яе рабіць больш прыгожай і якаснай. Мы памятаем і шануем ветэранаў рэдакцыі газеты: Валянціну Уладзіміраўну Чарнушэвіч (шкада, што яна не дажыла колькі тыдняў да юбілею газеты), Святлану Сяргееўну Зайцаву, Марыю Сцяпанаўну На­ра­ставу, Вольгу Давыдаўну Саўчыц, Алену Цімафееўну Якубоўскую, Людмілу Іванаўну Рагалевіч, Галіну Іванаўну Бакуновіч, Віктара Фёдаравіча Ярмаша. Мы жадаем нашым ветэранам моцнага здароўя і чалавечага шчасця!

Шмат новых пачынанняў прыўнесена ў газету Віктарам Адамавічам Куземкам, які таксама імкнуўся, каб кожны нумар “Новага Палесся” быў для чытача прыемным адкрыццём.

Не губляе сваіх пазіцый газета і сёння.  Мы не адмаўляемся ад таго, што напрацавана папярэднікамі. І не толькі працягваем лепшае, што было зроблена імі, але ў новых  палітычных і эканамічных умовах, часта пераадольваючы вядомыя толькі нам, творчым людзям, цяжкасці, ствараем чытабельную газету.  І, як кажуць самі нашы чытачы, “Новае Палессе” па-ранейшаму на перадавым краі жыцця, верна служыць людзям. Відаць таму, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, людзі не расстаюцца з “раёнкай”, чакаюць яе, як надзейнага сябра і дарадчыка. Гэта і зразумела, бо “Новае Палессе” – бліжэй за іншыя выданні рэагуе на запатрабаванні жыхароў раёна, нясе ў кожны дом найбольш поўную і дакладную інфармацыю пра становішча спраў у працоўных калектывах, як мага хутчэй і аб’ектыўней, аператыўней і падрабязней паведамляе пра навіны з самых аддаленых вёсак раёна, малюючы калектыўны партрэт нашага сучасніка.

600-800 лістоў за год у рэдакцыю – гавораць пра давер да газеты. Пазаштатныя  карэспандэнты – простыя працаўнікі з розных сфер, гараджане і вяскоўцы,  у сваіх пісьмах распавядаюць аб людзях, з якімі побач працуюць, жывуць, паднімаюць розныя жыццёвыя праблемы, пішуць аб тым, што нам перашкаджае працаваць і жыць так як трэба. І мы не можам іх, нашых чытачоў, не падтрымаць. Вытрымкі або цалкам пісьмы друкуем на тэматычных старонках “Я вам пішу”, “Час. Падзеі. Людзі.”, “Соцыум”, “Народны журналіст”.  Радуе: да раёнкі звяртаюцца як да роднага чалавека. Гэта – абавязвае. I гэта гаворыць аб запатрабаванасці, неабходнасці раёнкі.  Чытачы ідуць  у газету з рознымі пытаннямі, а афіцыйныя асобы, кампетэнтныя ў сваёй справе спецыялісты даюць на іх адказы. Так вырашаюцца многія праблемы, бо няма неабходнасці звяртацца за растлумачэннем у розныя інстанцыі. Мы імкнемся своечасова інфармаваць насельніцтва аб значных і важных падзеях, якія адбываюцца ў гарадах і вёсках раёна, рэспубліцы, садзейнічаць ажыццяўленню тых задач, якія вырашаюць раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Сёння хочацца выказаць словы ўдзячнасці нашым актыўным аўтарам, што пісалі раней.  Трэба згадаць прозвішчы А.Ф. Меляшчэні, М.М. Жука, А.М. Купрацэвіча, А.Я. Губанава, М.І. Новіка, Г.Я. Агіевіча, М.В. Некрашэвіча, Л.Ф. Працко, І. Н. Шудрыкава, В.М. Маркевіча, М.П. Клімовіча… Памяць аб нашых былых няштатніках мы захоўваем у сэрцах. І будзем захоўваць. Не адзін дзесятак год на ўсю моц гучаць са старонак “Новага Палесся” душэўныя паэтычныя радкі А. Бандзюка, іншых самадзейных паэтаў.  Супрацоўнічаюць з раёнкай і школьнікі – многія абралі журналісцкі шлях.

Новыя эканамічныя ўмовы  навучылі журналістаў працаваць па-новаму, зарабляць сродкі для свайго існавання.  Мы ўдзячны кіраўнікам практычна ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна за супрацоўніцтва ў гэтым плане. Але ж галоўным героем нашых публікацый з’яўляецца па-ранейшаму чалавек-працаўнік. І так, перакананы, будзе заўжды. Ды і ў тым, што на Жыткаўшчыне спакойны, дзелавы жыццёвы рытм, перакананы, ёсць часцінка і нашых намаганняў.

Заснавальнікамі газеты “Новае Палессе” з’яўляюцца раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў. Паміж заснавальнікамі і рэдакцыяй склаліся партнёрскія, дзелавыя ўзаемаадносіны. Заснавальнікі не навязваюць нам свой пункт гледжання, не абмяжоўваюць журналістаў пэўнымі рамкамі, своечасова інфармуюць аб становішчы спраў у раёне, эканамічнай і палітычнай абстаноўцы.

Сённяшнія стваральнікі выдання  — гэта  сапраўды творчы калектыў, які заўсёды шукае новае. Кожны журналіст у нашай рэдакцыі – асоба, мае свой почырк,  стыль, погляд на жыццё, кола функцыянальных абавязкаў і свае тэмы.

 

2 thoughts on “О газете

  • 20.06.2023 в 11:36
    Permalink

    Просьба изменить номера телефонов в связи с переходом на новую систему кодов по республике Беларусь. Дозвониться по этим телефонам нет возможности.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.